Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Палы – справа небяспечная

27/03/2019 21:46

Увесну, калі сыходзіць снег і агаляецца глеба, а таксама позняй восенню, некаторыя гаспадары ўчыняюць пажары, калі спальваюць пажухлую траву. Людзі, якія гавораць, што спальванне леташняй травы неабходная справа, памыляюцца самі і ўводзяць у зман іншых. Кожны акт падпалу – гэта злачынства супраць свету прыроды. Галоўная ж небяспека ўтойваецца ў правакаванні лясных пажараў і разбурэнні біяцэнозу экасістэмы.

Травяныя пажары прыво-дзяць да прыкметнага зніжэння ўрадлівасці глебы. Яны – адна з найгалоўнейшых крыніц выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. У агні гінуць шматлікія насякомыя, іх лічынкі, кукалкі. Гараць усе жывыя істоты – божыя кароўкі, жужалі, дажджавыя чарвякі і іншыя, якія нішчаць розных шкоднікаў сада і агарода і ўдзельнічаюць у працэсе ўтварэння глебы. Выпальванне сухога травастою выклікае гібель кладак і месцаў гняздоўяў такіх птушак, як крыжанка, чырок-траскунок, кнігаўка, траўнік, бакас, чаротавая і звычайная аўсянкі, палявы, лясны і чубаты жаваранкі, лугавы канёк. Пры моцным травяным пажары гінуць практычна ўсе жывёлы, якія жывуць у сухой траве ці на паверхні глебы (зайцы, вожыкі, земнаводныя). Хтосьці згарае, хтосьці задыхаецца ў дыме. Пры вясновым пале пашко-джваюцца дрэвы. Яны могуць проста згарэць, а вясновыя пупышкі абгарэць ад моцнай тэмпературы. Гэта вельмі шкодзіць дрэву, нават калі яно выжыве.

Пры спальванні травы ў горадзе, уздоўж аўтадарог у паветра трапляюць і солі цяжкіх металаў, якія аселі на лістоце, траве, такі дым проста атрутны. На забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях у паветра з агнём і дымам трапляюць радыёактыўныя рэчывы, якія ветрам пераносяцца на значныя адлегласці.Правядзенне вясновых палаў часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Штогод 10-12 % лясных пажараў у рэспубліцы ўзнікае па гэтай прычыне. Асаблівасцю пажараў на тарфяніках з’яўляецца здольнасць торфу гарэць на глыбіні да 0,3-1,5 метра.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” выпальванне сухой расліннасці (сухіх дзікарослых раслін) і яе рэштак на корані забараняецца.

У адпаведнасці з правіламі пажарнай бяспекі ў лясах у перыяд з моманту сыходу снегавога покрыва да наступлення ўстойлівага дажджлівага надвор’я, забараняецца:– разводзіць вогнішчы ў хвойных маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравал і ветралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой;– паліць траву і разводзіць у ёй вогнішчы, пакідаць агонь без нагляду;– пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тлення (падпаленыя запалкі, акуркі і інш.).

У адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэштак на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь.

У адпаведнасці з артыкулам 15.58 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да дванаццаці базавых велічынь. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь за падобныя парушэнні прадугледжана і крымінальная адказнасць.

Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

К списку новостей
© КОБРИНСКИЙ РАЙОННЫЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ, 2024.