8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае знайсці ў Гане сур'ёзную кропку апоры на захадзе Афрыкі. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Ганы Джонам Драмані Махамам,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка прывітаў Джона Драмані Махаму ўжо ў рангу Прэзідэнта краіны, улічваючы, што цяперашні лідар Ганы раней бываў у Беларусі. "Мне з вамі прыемна сустракацца. Вы ў свой час, гады два таму, бывалі ў Беларусі і пазнаёміліся з нашай краінай", - адзначыў ён.
"У дадзены момант мы спрабуем вызначыцца на Афрыканскім кантыненце, на каго абаперціся, з кім у першую чаргу супрацоўнічаць. Мы хоць і тэхналагічная краіна, але не гіганцкая, як Кітай або ЗША, каб ісці адзіным фронтам і супрацоўнічаць з усімі дзяржавамі Афрыканскага кантынента. Таму мы хочам знайсці сваё месца на кантыненце будучыні. Вельмі хацелася б, каб на заходнім узбярэжжы гэтага ўнікальнага прыроднага ўтварэння, якім з'яўляецца Афрыканскі кантынент, мы знайшлі сваіх сяброў і сур'ёзную кропку апоры ў эканоміцы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Больш таго, ваша палітыка нам зразумелая. І мы гатовы з вамі па многіх напрамках супрацоўнічаць, - заявіў беларускі лідар. - Філасофія нашай палітыкі ў свеце, і перш за ўсё на Афрыканскім кантыненце, вельмі простая. Мы гатовы пастаўляць вам у Афрыку прадукты сваёй прамысловасці, сельскай гаспадаркі, паслуг. У той жа час мы гатовы падрыхтаваць для вас кадры, якія могуць працаваць на гэтай няпростай, складанай тэхніцы. Тым больш яна вам вядома".
Прэзідэнт таксама заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва з Ганай у галіне бяспекі. "У сувязі з тым, што маем даволі развіты ваенна-тэхнічны комплекс. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па падрыхтоўцы ваенных кадраў", - сказаў ён.
"Я ўпэўнены, што ваш сённяшні візіт у якасці кіраўніка дзяржавы ў Беларусь зможа забяспечыць той фундамент нашых адносін, які павінен быць для таго, каб узводзіць будынак больш сур'ёзных адносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-