28 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце ў міжнародным форуме дзелавых кантактаў "Першы рэгіён - тэрыторыя поспеху" прымаюць удзел прадстаўнікі краін Азіі, Афрыкі і Еўропы. Даволі прадстаўнічая дэлегацыя з Кітая. Аб развіцці адносін з партнёрамі з КНР у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.
Дзелавая праграма форуму ахоплівае ключавыя сферы эканомікі і сацыяльнага развіцця. У ім прымаюць удзел больш як 100 прадстаўнікоў розных краін Азіі, Афрыкі, Еўропы: афіцыйныя асобы, дзелавыя колы, дыпламаты. У прыватнасці, прыехала дэлегацыя з Кітая. Паводле слоў Пятра Пархомчыка, Брэсцкая вобласць уключана ў рэалізацыю многіх праектаў з партнёрамі з КНР.
"Напрыклад, паспяхова развіваецца наш праект у частцы вытворчасці халадзільнікаў. Апошняя прапанова з кітайскага боку - дадатковыя плошчы для павелічэння вытворчасці халадзільнікаў. Для гэтага трэба стварыць інфраструктуру. Такія плошчы мы рыхтуем, каб іх прадаставіць", - сказаў Пётр Пархомчык. Ён адзначыў, што вырабленая бытавая тэхніка паспяхова пастаўляецца на экспарт.
Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу, што прадстаўнікі кітайскай кампаніі сфарміравалі яшчэ некаторыя прапановы. "Ёсць запыт на пэўныя дадатковыя вытворчыя плошчы. Гаворыцца яшчэ аб пэўных прадуктах, якія б яны хацелі вырабляць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці", - дадаў Пётр Пархомчык, не раскрываючы дэталей перагавораў.
Таксама партнёры з Кітая ўдзельнічаюць у Брэсцкай вобласці ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі цяплічнай гаспадаркі. Пад Брэстам з'явіцца суперцяпліца. Першы этап - 1,7 га. "Гэта дасць нам магчымасць кратна павялічыць вытворчасць таматаў, агуркоў. Ёсць усе дамоўленасці, усе дакументы падпісаны, ідзе выраб абсталявання і пастаўка. Стаіць задача - у гэтым годзе пабудаваць і пачаць вытворчасць агародніны", - рэзюмаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.-0-