Якасць - гэта не
толькі пра эканоміку і вытворчасць,
але перш за ўсё пра
чалавека
А. Лукашэнка
У рамках Года якасці ў Беларусі ва ўстанове культуры
«Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» праходзяць раённыя
краязнаўчыя чытанні пад назвай «Жыццё са знакам якасці».
Завяршыўся раённы конкурс даследчых
краязнаўчых работ «Імя ў летапісе малой радзімы» сярод бібліятэчных работнікаў
Кобрынскай РЦБС, які праводзіўся з мэтай услаўлення малой радзімы праз
папулярызацыю імёнаў славутых землякоў, а таксама стымулявання творчай
актыўнасці супрацоўнікаў бібліятэк у краязнаўча-пошукавай дзейнасці. Па выніках
раённага конкурсу аформлена выстава-гонар пад назвай «Жыццё са знакам якасці» і
пачаліся краязнаўчыя чытанні пад аднайменнай назвай. У ходзе чытанняў плануецца
абмеркаванне вынікаў краязнаўчых даследаванняў, праведзеных супрацоўнікамі
публічных бібліятэк, і выданне агульнага зборніка.
Жыхары Кобрыншчыны ганарацца сваёй малой
радзімай, якая стала калыскай для многіх таленавітых і выдатных людзей,
праславіўшых яе рознымі прафесіянальнымі дасягненнямі.
Тэмай біябібліяграфічнага асветніцкага праекта
«Працаваў не дзеля славы» Ніны
Петруковіч, бібліятэкара Лукскай публічнай бібліятэкі, стаў жыццёвы шлях
арганізатара і першага кіраўніка гаспадаркі - саўгаса «Дружба» Кобрынскага
раёна Мікалая Грыневіча. У праекце таксама раскрыта яго асоба як ветэрана
Вялікай Айчыннай вайны і актыўнага ўдзельніка грамадскага жыцця Кобрыншчыны. Даведацца
пра гэтага выдатнага чалавека дапамагла ў тым ліку аўтабiяграфiчная кнiга
ўспамiнаў «Воспоминания в живом исполнении», якой сваякі Мікалая Кірылавіча
падзяліліся з бібліятэкарам. У рамках праекта выдадзены буклет «Першы кіраўнік
саўгаса «Дружба».
«Генерал-маёр
з вёскі Тэўлі» – такую назву носіць праект Тэвельскай публічнай бібліятэкі
пра Дзмітрыя Шугая. З дзяцінства юнак марыў стаць ваенным і пасля атрымання
сярэдняй адукацыі паступіў у Вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча ўрадавай
сувязі Калінінградскай вобласці, потым закончыў ваенную акадэмію імя С. М.
Будзённага ў г. Ленінградзе. Служыў на Курыльскіх астравах, нёс службу ў г.
Находка Прыморскага краю, у г. Хабараўску. Пасля распаду Савецкага Саюза
напісаў рапарт і пераехаў у родную Беларусь. Служыў намеснікам старшыні
Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь па рэжыме і
арганізацыйным забеспячэнні. Асноўнымі крыніцамі даследавання бібліятэкара
Тэвельскай публічнай бібліятэкі Любові Крагель з’явілася інтэрв’ю з героем
праекта Дзмітрыем Рыгоравічам, які сёння пражывае ў Мінску, а таксама фота з
сямейнага архіва, успаміны родных.
Біяграфію жыцця і творчасці паэткі, майстрыхі
і рукадзельніцы Марыі Кірылюк на краязнаўчых чытаннях прадставіла бібліятэкар
Акцябрскай публічнай бібліятэкі Таццяна Шаўцова ў праекце «С милым краем дышу заодно». Пра гераіню праекта можна смела
сцвярджаць: дзе нарадзілася, там і прыгадзілася! Здаецца, што не было такой
сферы, дзе б яна ні прымала дзейны ўдзел. 25 гадоў Марыя Андрэеўна працавала дырэктарам
школы, была старастай вёскі, актыўна ўдзельнічала ў культурным жыцці. Вядомая
на ўсю рэспубліку майстрыха-каравайніца, таленавітая паэтэса і проста цудоўны
чалавек. Яе энтузіязм і сапраўдная любоў да сваёй малой радзімы невычарпальныя.
Істотна дапоўніў даследаванне камплект паштовак з караваямі «Тварэнне рук, душы
і сэрца Марыі Кірылюк» і зборнік вершаў «Ностальгия», падрыхтаваныя
супрацоўнікам бібліятэкі.
Кожны з удзельнікаў сваё даследаванне
падмацаваў выставай дакументаў, фатаграфій, відэапрэзентацыяй, выданнямі,
падрыхтаванымі асабіста. Удзельнікам чытанняў удалося не проста ўспомніць аб
жыцці і дзейнасці вядомых землякоў, паказаць фота- і відэадакументы, але і
атрымаць новую інфармацыю.