Кобринский районный исполнительный комитет

Кобринский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Год мира и созидания

Шчасце - жыць пад блакітным небам

06/07/2023 14:20

Яна магла б пісаць мемуары, праз якія многаму навучыла б сучасную моладзь. І не ў павучальнай форме - прывыкла ўздзейнічаць на людзей іншымі сродкамі - канкрэтнымі справамі, уласным прыкладам.  Марыя Клачковіч - ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна! Гэтага звання  яна была ўшанавана ў 2015 годзе. Нягледзячы на тое, што ўжо адышла ад грамадскіх спраў і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Марыі Мікалаеўне заўсёды ёсць  што сказаць падрастаючаму пакаленню. Нам жа ў сваю чаргу хочацца нагадаць старонкі яе біяграфіі, бо ўсё яе жыццё – гэта прыклад самаадданага служэння любімай справе, сваёй Радзіме.

Марыя Клачковіч нарадзілася 9 чэрвеня 1946 года у вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. На Кобрыншчыну трапіла пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, дзе атрымала спецыяльносць настаўніка хіміі і біялогіі. Першым месцам работы яе ў якасці настаўніка сталаБельская васьмігадовая школа. З 1969 па 1981 год выкладала хімію і біялогію, затым узначаліла ўстанову - стала  дырэктарам. Праз некоторы час пераведзена метадыстам па прафарыентацыі аддзела народнай адукацыі Кобрынскага райвыканкама.

Пераломным у біяграфіі Марыі Мікалаеўны, як лічыць яна сама, стаў 1981 год.У гэтым годзе яна пачалася працаваць  у Кобрынскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы №153 тэкстыльшчыкаў: спачатку намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а ў лістападзе 1983 года  была назначана на пасаду  дырэктара.

На працягу 24 гадоў  узначальвала Марыя Мікалаеўна  вучылішча.  Прайшла разам са сваімі калегамі  няпросты шлях яго развіцця: ад тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў да дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання (цяпер Кобрынскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання). Прафесіяналізм, дальнабачнасць,  прагматызм, вялікая самаадданасць  дырэктара і яе аднадумцаў дапамаглі ўстанове атрымаць у 1988 годзе  званне «Вучылішча высокай культуры». У 1990 годзе за высокія паказчыкі ў рабоце калектыў быў узнагароджаны пераходным сцягам Савета Міністраў і Міністэрства народнай адукацыі БССР.

    Калі  цяжкасці ўжо пераадолены, сістэма работы наладжана, наступілі 90-я гады. Закранулі яны і прафадукацыю. Падзенне эканамічнага патэнцыялу лёгкай прамысловасці ў краіне, скарачэнне штату рабочых на прадзільна-ткацкай фабрыцы, для якой рыхтавалі спецыялістаў у вучылішчы,  не маглі не адбіцца  на стане ўстановы. Трэба было хутка дзейнічаць, прымаць неардынарныя рашэнні. У вучылішчы сталі уводзіць новыя запатрабаваныя часам спецыяльнасці: сацыяльны работнік, афіцыянт, аператар ЭВМ, страхавы і камерцыйны агент ...

Кобрынскае ПТВ №153 тэкстыльшчыкаў ва ўстанову адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сферы абслугоўвання» было пераўтворана  1 красавіка 2004 года.  Змянілася не проста назва – установа атрымала больш магчымасцяў і самастойнасці,  вытворча-навучальны працэс выйшаў на новую прыступку.

 Марыя Мікалаеўна цалкам была пагружана ў работу. Імкнулася, каб установа развівалася, гучала сваім добрым імем у вобласці і рэспубліцы.

Удасканальваўся вучэбна-выхаваўчы працэс, укараняліся сучасныя тэхналогіі навучання і выхавання, камп’ютарная тэхніка.  Вялікае значэнне Марыя Мікалаеўна  са сваімі калегамі надавала выхаваўчай рабоце з моладдзю. За час яе кіраўіцтва ўстановай не было зафіксавана правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

У 2007 годзе Марыя Мікалаеўна змяніла пасаду дырэктара на інспектара па кадрах, працягвала  выкладаць. 

Сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса «За Радзіму» Кобрынскага раёна, дэпутат мясцовага Савета народных дэпутатаў, прапагандыст маладзёжнага гуртка камбіната грамадскага харчавання, старшыня прафкама прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі, старшыня (намеснік) старшыні ўчастковай выбарчай камісіі… На якой бы пасадзе ні была Марыя Клачковіч,  за якую  работу ні бралася, яна імкнулася ўсё рабіць якасна, атрымліваць максімальны вынік.

За высокі прафесіяналізм, творчасць і наватарскі падыход у навучанні і выхаванні працоўных кадраў Марыя Клачковіч была ўзнагароджана значком «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР», Ганаровым знакам «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2002 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокае педагагічнае майстэрства, значны ўклад ва ўдасканаленне навучальна-выхаваўчага працэсу ёй было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларуcь».

Марыя Клачковіч:

- Я працавала і ніколі не думала пра славу. Проста мяне так выхавалі бацькі, школьныя настаўнікі - рабіць  усё шчыра, сумленна, думаць пра тых, дзеля каго гэта ўсё робіш, любіць сваю родную зямлю, цаніць і прымнажаць яе багацці. Як правільна выхоўваць маладое пакаленне? Быць для яго прыкладам. Праўда – яна не за прыгожымі словамі, а за канкрэтнымі справамі. Моладзь усё бачыць, яна тонка адчувае падман.  Ёй  трэба давяраць, падтрымліваць яе, адным словам – верыць у яе. Павінна быць пераемнасць пакаленняў. Нам ёсць чаму павучыцца ў маладых і  ёсць што даць ім: у нас багаты вопыт,  моцная сувязь з папярэднім пакаленнем, нашы бацькі прайшлі вайну, мы помнім цяжкія пасляваенныя гады, разумеем, што жыць і працаваць   пад блакітным небам на роднай зямлі – найвялікшае шчасце.


 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки