Кобринский районный исполнительный комитет

Кобринский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Год исторической памяти // Память и боль белорусской земли

Лічбы на сэрцы, лічбы ў сэрцы…

21/03/2022 09:48

Лічбы на сэрцы, лічбы ў сэрцы…

Напэўна, так ужо створаны чалавек, што яму ўвесь час будзе чагосьці нехапаць. Ёсць здароўе - ён гэта ўспрымае, як даніну,  есць матэрыяльны дабрабыт – яму хоча яшчэ большага. Але гэта ўсё нішто… Больш страшна, калі чалавек жыве ў міры і кожную раніцу прачынаецца ад сонечных яркіх прамяннняў ці хай сабе нават ад шуму дажджу за акном, і гэтага не заўважае, не цэніць. Што павінна здарыцца, каб, нарэшце, ён зразумеў, што жыццё без вайны – вось самая галоўная каштоўнасць! Няўжо яму трэба перажыць няшчасце самому? Не, толькі не гэта. Так скажа кожны, хто прайшоў праз выпрабаванні Вялікікай Айчыннай вайны.

У цэнтры - груда голых мёртвых целаў юнакоў і дзяўчат. Целы светлыя, быццам з мармуру. Злева, як кантраст – чорная постаць ката са звярынай усмешкай… Справа – такі ж чорны кантраст – постаць са спіной раба. У арыстанцкай паласатай куртцы, на грудзях  - шасцікутная звязда Давіда.  Ад  Бухенвальда…  Гэта карціна Міхаіла Савіцкага “Летні тэатр” А вось “Уцёкі” - смага свабоды падштурхоўвае  вязняў  на немагчымае – перабрацца праз высокую агароджу, якая нясе электрычную смерць. Яны  чапляюцца адзін за аднаго, падтрымліваюць, падаюць. І зноў падымаюцца. Адчай памножаны на надзею…

“Танец  з факеламі” … “Акуратна” ўкладзеныя пласт на пласт, бы бярвенні, целы забітых.  Целы такія, як і на карціне “Летні тэатр”, - быццам з сонечнага мармуру. І такі ж кантраст – да мёртвых целаў бягуць чорныя постаці, у іх руках факелы…  Хвіліна – і целы ўспыхнуць полымем, ад іх застанецца толькі попел.

“Адбор”…  На зямлі забітыя. Перад імі ў чаканні рашэння свайго лёсу – дзевяць голых дзяўчын. Па абодва бакі – каты ў чорным,  адзін выцірае  ручніком рукі ад крыві –няўжо думае, што яе можна змыць?

Зняволеныя  схіліліся над маленеькай  самаробнай рацыяй, з якой імкнуцца паслаць сігнал  бедства – гэта карціна “SOS”.

На заднім плане – фашысты з раз’юшанымі аўчаркамі гоняць да крэматорыя распранутых жанчын і дзяцей. На пярэднім плане – задаволеныя эсэсаўцы ацэньваюць нарабаванае  - гэта “Канада”. Чаму “Канада”?  Так гітлераўцы  называлі пункты зброру каштоўных каменняў, якія яны забіралі ў  асуджаных на смерць.

“Мадона Біркенаў”.. Над чорнай постаццю крэматорыя жаночага лагеря Біркенаў лёгка ўзносіцца ў аблокі  мадона - сімвал усіх  загінулых маці. Ніхто і нішто не зможа сцерці з зямлі гэты вечны сімвал любві, прыгажосці і мацярынства . Ён бессмяротны, як і  памяць пра спаленых у крэматорыі, попел якіх прарос у нагах маці сціплымі палявымі кветкамі… “Эттэрсберг – Галгофа XX стагоддзя”, “Пракляцце”, “Наглядчык”…  Сэрца шчыміць ад болю, хочацца заплюшчыць вочы, каб не бачыць вачэй людзей у паластых піжамах, закрыць вушы, каб не чуць іх жудаснага крыку, які адчуваецца нават праз палатно. Не магу, зноў адкрываю альбом з карцінамі, што склалі  цыкл работ “Лічбы на сэрцы“. Вязень 32815”… - знясілены мукамі, але спакойны, мужны твар. Гэта твар самога аўтара – Міхаіла Савіцкага. Аўтапартрэт.
Так, народны мастак СССР і Беларусі Міхаіл Савіцкі зведаў на сабе ўвесь жах канцэнтрацыйных лагерах. Яго біяграфія годна таго, каб на ёй выхоўваць маладое пакаленне.  Упэўнена, зараз Міхаіл Савіцкі быў бы ў ліку першых, хто падтрымаў Закон аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у ліку тых, хто не мог бы маўчаць, калі чуў бы няпраўду пра тую вайну, вайну, якая пазбавіла яго лепшых юнацкіх гадоў і перавярнула ўсе погляды.

Ураджэнец вёскі Звянячы што на Віцебшчыне, Міхаіл Савіцкі  пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію. Тут і спаткала яго вайна. У лістападзе 1941 года ён папаў у Севастопаль, дзе на працягу ўсіх 250 дзён прымаў удзел у абароне горада. Падчас гераічнай абароны Севастопаля двойчы был прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга і медаля “За адвагу”

У 1942 годзе, на пятыя суткі пасля здачы горада, Савіцкага ўзялі ў палон. Пачаліся жахі канлагераў – Дзюсельдорф, Бухенвальд, Дахау…
У  Дзюсельдорфе Міхаіл Савіцкі працаваў у рабочым лагеры пры вагоннай фабрыцы. Разам з сябрамі яны арганізавалі дыверсійную групу. Пасля правалу групы хацелі збегчы ў Францыю. Гестапаўцы схапілі юнакоў. Усе яны былі прыгавораны да смерці. Аднак пакаранне замянілі канцэнтрацыйным лагерам Бухенвальд, дзе Міхаіла трымалі ў “ніжнім” ці “малым” лагеры знішчэння. Пасля Бухенвальда ён трапіў на каменяломні канцэнтрацыйнага лагера Мітэльбау-Дора, дзе будаваліся штольні для завода, а потым у канцэнтрацыйны лагер Дахау. За арганізацыю чарговых уцёкаў яго памясцілі  ў штрафны барак. Толькі дзякуючы шчасліваму выпадку ён там не загінуў – амерыканскія войскі вызвалілі лагер, калі Савіцкі паміраў у тыфозным бараку пасля 17-дзён зняволення. Гэта было 29 красавіка 1945 года. Пасля таго, як  Міхаіл Савіцкі папада да сваіх, ён быў прызнаны нягодным да службы, але дабіўся, каб яго аставілі ў арміі. Да 1947 года ён служыў на тэрыторыі Германіі і Венгрыі.
Пасля вайны закончыў Мінскае мастацкае вучылішча, потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава і прысвяціў усё сваё жыццё творчасці.  Цаной трагедыі ўласнага жыцця  яму было дадзена  права   пісаць пра перажытае. Міхаіл Савіцкі – аўтар больш чым 200 тэматычных карцін.. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія работы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Бежанцы", "Партызанская Мадона", "Віцебскія вароты", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаныя трагедыі канцэнтрацыйных лагераў, а таксама  і цыкл работ "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. Памёр Міхаіл Андрээвіч у 2010 годзе.
Хочаце спазнаць цану шчасця? Разгледзьце работы Міхаіла Савіцкага ваеннай тэматыкі. Для гэтага нават неабавязкова наведваць Дзяржаўную Трэцякоўскую галерэю, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную галерэю ў Сафіі, дзе знаходзяцца арыгіналы, іх вы можаце  знайсці  ў інтэрнэце, сродках масавай інфармацыі… Перачытайце біяграфію і ўспаміны былога вязня. Магчыма, нешта і вас закране за жывое.


Алена БАКУН.

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки